краеведение

«Знікшыя, але не забытыя»
За Давыдаўкай кіламетраў 2-3 ад вёскі знаходзіцца ўрочышча "Добрае".Там да вайны жылі людзі, было ўсяго 4 хаты. Жыў там Прус Дзмітрый Максімавіч, Сыцько Адам Мікалаевіч і інш. Месца было багністае і туды цяжка было дабрацца. І вось гэтыя людзі, што там жылі зрабілі грэблю. І з тых часоў гэта месца стала называцца "Добрае" так як стала людзям добра хадзіць у лес па ягады, грыбы.
Урочышча "Сабаліца". Было там 6 хат. Жылі людзі, займаліся  хатнімісправамі, разводзілі буйную рагатую жывёлу, авечак. У 1939 годзе  гэтыя хутара раскулачылі, і ўсе гэтыя людзі прыйшлі жыць у вёску Давыдаўка, Загор'е.
 Прыгожыя лясныя паляны "Варта", "Зарэчча". Тут у лесе стаялі хаты і жыў сам ляснічы і ляснікі. Яны старажавали лес, валілі яго, распрацоўвалі  і здавалі. Галоўны ляснічы быў Прус Пятро Карпавіч.
Яшчэ паляны зваліся "Чарнетаў", "Сэкалова стойла", "Гарадзінка". Назвы давалі старыя людзі для таго, каб ведаць, куды хадзіць у лес, куды гнаць кароў. Усё быў лес, балота, потым усё асушылі, распрацавалі і сеюць сеянку, косяць сена для кароў.
У лесе за вёскай Людзьвінаўка ёсць ўзвышша, называецца "Печ". Вакол гэтага  ўзвышша падчас вайны людзі капалі акопы, хаваліся ад немцаў і жылі там. У цяперашні час туды людзі ходзяць па ягаду чарніцу. "Дзе брала ягады?". -Каля "Печы".
У полі за вёскай Прасвет называецца месца "Калейнікаў сад". Там стаяў двух павярховы  цагляны дом.  Жыў там да вайны Калейнік Павел са сваёй сям'ёй.  Быў  там у яго вялікі сад, сажалка, пчолы.Падчас вайны ён стаў здраднікам, пайшоў служыць немцам у Астанкавічы, дзе быў арганізаваны нямецкі горнізон.Калейнік быў бургамістрам. Прыязджаў у Давыдаўку забіраў у людзей усё, малако, яйкі, і вазіў немцам. За гэта ён сядзеў у турме 10 гадоў, прыйшоў з турмы хворы на сухоты і памёр. Жонка яго пахавала ў агародзе пад яблыней.
Паселішча Рудня знаходзілася метраў 200 ад маста, праз раку Іппа, па дарозе з вёскі Мармавічы на Давыдаўку. Там зараз урочышча Рудня.Назва паселішча пайшла ад таго, што нашы далёкія продкі выплаўлялі там руду.На месцы рудніц (печаў) яшчэ  цяпер выворваюцца кавалкі балотнай руды.Паселішча было невялікім.У нядзелю і ў дні рэлігійных свят было людна, бо была і царква. У царкве быў архіў, дзе былі звесткі аб прыхаджанах.Тут рабілася рэгістрацыя навароджаных, давалі ім мёны, рабілі абрады крашчэння, праводзілі рэгстрацыі шлюбу з вянчаннем. А калі чалавек паміраў, рабіліся памінкі: свяшчэннік чытаў адпаведную малітву і званілі царкоўныя званы  адпаведнай мелодыяй. У 30 – х гадах царкву разабралі і зрабілі з яе школу. Жыхары перасяліліся ў вёскі Людзьвінаўка, Прасвет і засталося толькі урочышча Рудня.
Яўтушкавіцкая Рудня заснавана была ў 1900 годзе. Па свайму геаграфічнаму размяшчэнню знаходзілась у 1,5 км ад вёскі Давыдаўка. Першыя жыхары мястэчка: Цішкевіч Адольф, Прус Сцяпан з сынамі – Уладзімірам, Іванам і Пятром. Асноўны занятак: зямляробства.Яўтушкавіцкая Рудня - мястэчка вызначалася сярод іншых паселішчаў пабудовай Праваслаўнай царквы ў 1910 годзе. Пры арганізацыі калгасаў у 1929 годзе мясцовыя савецкія ўлады разбурылі царкву і перавезлі яе будаматэрыялы ў вёску Давыдаўка для пабудовы сямігадовай школы. Пры выхадзе пастановы ў 1933 годзе,сем,і з Яўтушкавіцкай  Рудні перасяліліся ў вёску Прасвет.
Пасёлак Загрэбля знаходзіўся недалёка ад вёскі Мармавічы.Спачатку гэта было толькі урочышча. З аднаго боку поля знаходзілась імшарына, а з другога-балота,дзе працякае рака Іппа.З імшарыны на балота, па нізіне заўсёды цякла вада,утвараючы гразкую лужу і каб пераехать гэту лужу, людзі рабілі насціл з хмызняку-гаць. Такі насціл у нашай мясцовасці называюць грэбляй. Так поле,што знаходзілась за грэбляй, стала называцца Загрэбляй.
Загрэбля-Хутар быў заснаваны ў 1929 годзе ў момант калектывізацыі сем,ямі, якія не жадалі ўступіць ў калектыўную гаспадарку: Казлова Еўдакіма, Салаў,я Максіма,Галавача Макара, Качуры Еўтуха. Заняткам пасялян было зямляробства.Размешчана паселішча было ў 4-х км. ад вёскі Давыдаўка. У 1933 годзе пры выхадзе “Пастановы аб ліквідацыі хутароў” сем,і перасяліліся ў вёску Мармавічы.
Паселішча Горвальнае было заснавана ў 1917 годзе ў 5 км ад вёскі Давыдаўка.На яго тэрыторыі жылі  семьі: Музычэнкі Рамана і Музычэнкі Аляксандра. Асноўны занятак баў: зямляробства. Пры “Пастанове аб ліквідацыі хутароў” гэтыя семьі вярнуліся ў  родную вёску Давыдаўка.

Новы Быт.Быў заснаваны ў 1929 годзе пры арганізацыі калгаса Новы-Быт. На сёняшні день гэта прадаўжэння вёскі Малая Людзьвінаўка.
Вялікі Хутар,Малы Хутар.Заснаваны былі да рэвалюцыі і знаходзіліся ў 1,5 км ад вёскі Карані. Жылі 3 сямьі(звестак аб семьях няма). У 1929 годзе пры арганізацыі калгаса, гэтыя сем,і былі пераселены ў вёску Карані.
Паселішча Папова. Узнікла ў 1924 годзе,  8 км. ад вёскі Давыдаўка.Гаспадарамі паселішча былі: Качура Яўхім з сынам Кірылам.Гаспадарка займала плошчу ў 2 гектары.Асноўны занятак быў: зямляробства.У 1931 годзе паселішча не стала ў сувязі з арганізацыяй
.калгаса.Жыхары паселішча перасяліліся ў вёску Залля.
 Ізбішча Хутар было заселена да рэвалюцыі,  і па размяшчэнню з,яўлялася  прадаўжэнням вёскі Давыдаўка. Гаспадарыў на Хутары памешчык-мельнік Губанаў.Жыхары вёскі Давыдаўка і навакольных вёсак карысталіся паслугамі мельніка да часу калектывізацыі.У  1929 годзе мельнік быў раскулачаны  і высланы са свойга паселішча.Будынак мельніка быў перавезены ў калгас Прасвет для калектыўнага карыстання.
Крупіца Хутар быў заселены ў 1915 годзе і па геаграфічнаму размяшчэнню знаходзіўся ў 3-х   км. ад вёскі Давыдаўка, і ў 2,5 км.ад вёскі Прасвет.Хутар заснаваў і з,яўляўся яго гаспадаром польскі памешчык Лук,янаў.У яго былі сыны: Аляксандр, Лёва і дачка Кіцця.Пасяляня займаліся земляробствам і паселішча з,ехалі на Радзіму.


            Раённы конкурс на лепшы турыстычны маршрут
                       “Сцяжынкамі  малой  радзімы”
                        Давыдаўская сельская бібліятэка

                                                         Аўтар -  Міцкевіч Іна Мікалаеўна,
                                                         бібліятэкар Давыдаўскай сельскай
                                                         бібліятэкі


“ МОЙ РОДНЫ КУТ…”
Тэхналагічная карта маршрута
Тып маршрута: гісторыка- краязнаўчы
Абъекты турыстычнага маршрута:
Урочышча Гарадзінка, мястэчка Кулінін мох, брацкая магіла, магіла ахвяр фашызму, Музей вясковага побыту.
   Многае звязвае чалавека з месцам, дзе ён нарадзіўся и вырас.  Родны край, яго людзі, прырода становяцца часткай чалавечага лёсу. Гэта месца не параўнаць ні з чым іншым. Гэта наш парог жыцця, Малая Радзіма.
  За 3 км на паўночны ўсход  ад Давыдаўкі ва ўрочышчы Гарадзінка  знаходзіцца помнік археалогіі – гарадзішча, якое ўяўляе сабой авальную пляцоўку, памерам 85х35м, умацаваную валам і ровам. Вышыня вала 1,5-2м, шырыня 10м; глыбіня рова 1-1,5 м, шырыня 3м. Гарадзішча было выяўлена і абследавана ў 1981г., але раскопкі не праводзіліся. Як сведчыць старажыл Юліян Якаўлевіч Сыцько ва ўрочышчы ёсць курган, які нагадвае кола. У сярэдзіне кургана-яма. Назву Гарадзінка ўрочышчу далі старыя людзі. Зараз тут сеюць сеянку, косяць сена для кароў.
  Ад мясцовай жыхаркі Грабцэвіч Любові Ўладзіміраўны я пачула надзвычай цікавую легенду. Калісьці на месцы, якое атрымала потым назву Кулінін мох, працякала рака, у якой утапілася адзіная дачка мясцовай вядзьмаркі  па імені Куліна. Жанчына ў роспачы пракляла раку, уклаўшы ў праклён усю сваю боль. Рака знікла, а на яе месцы засталіся два камяні: адзін  на дне, а другі  на беразе каля вялізнага  дуба. На адным з камянёў людзі ўбачылі крыж, але ён быў незвычайным: основа крыжа знаходзілася на падстаўцы ў выглядзе скобы, а яго верхавіна нагадвала сонца. Як гаворыць легенда, калі хто-небудзь пераверне камень, рака вернецца. Дарэчы, не однойчы мясцовыя хлапчукі спрабавалі гэта зрабіць, аднак камень так і застаўся ляжаць на сваім месцы. На камні можна убачыць крыж, які нагадвае крыжы гербаў князёў Агінскіх і Статкевічаў, а таксама лічбы 7,8,4. Што яны абазначаюць – невядома. Магчыма, хтосьці з князёў у ХYIII стагоддзі  такім чынам абазначыў межы сваіх уладанняў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
                    
        
   У цэнтры вёскі знаходзіцца брацкае пахаванне  воінаў 65-ай арміі , якія загінулі ў 1943-1944гг. у баях супраць гітлераўцаў. У брацкай магіле пакоіцца 719 савецкіх воінаў і партызан. На 12 мармуравых плітах - імёны загінуўшых. У 1967г. быў устаноўлены помнік - скульптура воіна. Але за некалькі дзесяцігоддзяў пліты і помнік прыйшлі ў непрыгоднасць. Таму ў красавіку 2005г. яны былі  заменены. На мармуравай дошцы, якая з’явілася пасля абнаўлення, - выявы чырвонаармейца і партызана і надпіс: “Вовеки этот подвиг исполинский народ великий не забудет, нет”.

    Непадалеку ад вёскі ёсць яшчэ адно памятнае месца, якое нагадвае аб падзеях Вялікай Айчыннай. У 500 метрах ад Давыдаўкі знаходзіцца магіла ахвяр фашызму. У ёй пахавана 129 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, галоўным чынам, жанчыны, старыя і дзеці, якія былі растраляны 8 лютага 1942г. Да вайны большасць насельніцтва Давыдаўкі складалі яўрэі. Беларусаў было толькі 8 сем’яў. Бяда прыйшла з боку Азарыч. У пачатку лютага ў вёску ўварваўся паліцэйскі атрад. У яго склад уваходзілі паліцаі з Людзвінаўкі, Прасвету, Давыдаўкі. Беларусаў не кранулі. Забівалі яўрэяў. Не шкадавалі ні старых, ні дзяцей. І дарослыя, і дзеці імкнуліся схавацца ў суседзяў, залазілі ў сабачыя будкі, на гарышчы, пад дровы, затойваліся ў хлявах. Але паліцаі па слядах, якія заставаліся на снезе, хутка адшукалі амаль усіх. Жанчын, старых, дзяцей    цягнулі за рукі, за ногі і адразу расстрэльвалі. Потым трупы вывезлі за ваколіцу і закапалі. Нейкім цудам удалося выратавацца двум хлопчыкам і маладой дзяўчыне Лізе Вольфсан, якая да вайны працавала настаўніцай у Давыдаўскай школе. Ноччу хлопчыкі пакінулі вёску, і далейшы іх лёс невядомы. У той жахлівы лютаўскі дзень, пачуўшы стрэлы ў двары суседзяў, Ліза пералезла праз плот і схавалася ў хляве суседзяў- беларусаў па прозвішчу Дзегцярэнка. За ёй кінуўся яе дванаццацігадовы брат, але ён не паспеў схавацца: паліцай расстраляў яго на плоце. Потым паліцаі  пачалі шукаць Лізу. Яны зазірнулі у хату, праверылі кожны куточак,  у хляве ўтыкалі ў сена вілы, спадзеючыся знайсці ўцякачку, пагражалі, што расстраляюць  тых, хто яе хавае. Назаўтра, каб не ставіць  пад   пагрозу жыццё сваіх выратавальнікаў, яна пайшла ў в.Прасвет   да сястры, якая была замужам за беларусам. Паліцаі ўсё ж  знайшлі дзяўчыну, здзекаваліся з яе. Адзін з іх пашкадаваў настаўніцу і падказаў, што яна можа выратаваць сябе, калі выйдзе замуж за беларуса. На фіктыўны брак з Лізай пагадзіўся былы яе аднакласнік Аляксандр Башкевіч. Разам з дзяўчынай і Аляксандрам ў камендатуру Шацілак за дазволам на шлюб пайшоў і бацька жаніха. Маладыя атрымалі дазвол на шлюб, і Ліза стала Марыяй, жонкай Аляксандра Башкевіча. Аднак, нягледзячы на гэта, маладая дзяўчына па-ранейшаму адчувала небяспеку і хавалася на гарышчы. А аднойчы ноччу, забраўшы свае дакументы, уцекла ў Азарычы, адкуль яе разам з іншымі маладымі хлопцамі і дзяўчатамі пагналі ў Германію. Там яна працавала ў немца-гаспадара. Вызвалілі Лізу Вольфсан савецкія воіны.   У 60-я гады яна прыязджала ў Давыдаўку, каб аддзячыць сваіх выратавальнікаў.


У 1967г. на месцы пахавання жыхароў вёскі быў узведзены абеліск, а ў 2005г. да 60-годдзя Перамогі ўстаноўлена памятная пліта. Аўтарамі помніка ахвярам Халакоста сталі скульптары А.М.Заспіцкі і   А.Каструкоў.
  


   Адметнай асаблівасцю Давыдаўкі з’яўляецца музей вясковага побыту, які існуе пры сельскай бібліятэцы. Арганізаваны ў 2003 годзе, сёння  ён налічвае больш чым за 100 экспанатаў. Музей быў створаны дзякуючы намаганням былога  бібліятэкара сельскай бібліятэкі Жаны Салавей і дапамозе вяскоўцаў, якія падаравалі разнастайныя предметы побыту. Мясцовыя майстры С.П.Міцкевіч, М.І.Салавей зрабілі для музея лаўкі, дэкаратыўныя паліцы, стол, маслабойку і іншыя прадметы. Экспазіцыя дае ўяўленне аб жыцці вёскі ў 50-70 гады мінулага стагоддзя. Тут захоўваюцца вырабы вядомых у вёсцы майстроў.Сапраўдным упрыгожаннем з’яўляюцца драўляныя фігуркі змяі, дыназаўра, макет “Мая хата”, карціна “Зімовы пейзаж” А. П. Шчэрбіна. Музей вясковага побыту наведваюць не толькі жыхары Давыдаўкі ад мала да вяліка, але і ўраджэнцы вёскі, што жывуць у розных мясцінах Беларусі і блізкага замежжа.
              
 Спадзяюся, што гэта падарожжа адкрыла малавядомыя старонкі гісторыі малой радзімы, дапаможа больш уважліва ставіцца да сваёй спадчыны, якая засталася нам ад продкаў.










  


                  



           










Комментариев нет:

Отправить комментарий